Грэка-каталіцкая пілігрымка рушыла з Віцебска на Полацак

.......

Традыцыйная грэка-каталіцкая пешая пілігрымка з Віцебска ў Полацак пачалася 11 ліпеня каля 10-й гадзіны ад касцёла сьвятой Варвары.  За чатыры дні пілігрымы адолеюць каля 110 кіламетраў.

Гэтая пілігрымка 13-я па ліку і як усе папярэднія  прысвечана ўшанаванню памяці Полацкіх мучанікаў  манахаў – базыльянаў. Яны былі  закатаваныя  расейскім царом Пятром 1-м  у Полацкім храме Сьвятой Сафіі ў 1705 годзе.

На працягу чатырох дзён пілігрымы адолеюць каля 110 кіламетраў. Маршрут пралягае праз Слабаду, Шуміліна, Нікіціху, Вобаль і Гараны. Першую ноч яны правядуць у намётах ля возера ў вёсцы Слабада Шумілінскага раёна. Маршрут першага дня складае больш 30 кіламетраў.  Адзін з арганізатараў пілігрымкі, настаяцель парафіі ў Віцебску айцец Зміцер Грышан сказаў:

– Пілігрымка пачалася ўчора ўвечары традыцыйным  Малебнам за Беларускі народ ля крыжа на Ўспенскай горцы. У гэтым годзе ў ёй удзельнічае каля 80 чалавек з Беларусі, Украіны, Польшчы, Латвіі.  З-за арганізацыйных праблемаў не змаглі пакуль прыехаць грэка-каталікі з  Расіі. Большасць складае  моладзь розных парафіяў Беларускай грэка-каталіцкай царквы.  Але ёсць і жанчыны ўзростам каля 70 гадоў. Самаму маладому ўдзельніку – 11 месяцаў. Гэта Вера, дачка нашых віцебскіх парафіянаў Святланы і Аляксея. Дарэчы, для Веры гэта ўжо другая пілігрымка. У мінулым годзе яна адолела гэты шлях ва ўлонні маці. У пілігрымцы бяруць удзел ня толькі свецкія асобы, але і святары, манахі, манахіні, семінарысты.

Знайшлі паразуменне і з мясцовымі уладамі. З Віцебска нас праводзіла асабіста кіраўніца ідэалагічнага аддзела мясцовай вертыкалі. Міліцэйскае суправаджэнне ў нас будзе на працягу ўсяго шляху – так вырашыў аблвыканкам.

Уладзімір Губскі быў удзельнікам усіх 12 пілігрымак. Ідзе ён і на гэты раз. Чаму людзі йдуць у пілігрымку?

– Для мяне гэта не проста пешае шпацыраванне. Гэта таксама час духоўнай працы. Трэба некалі кінуць усе справы і паразважаць аб сваім жыцці. Кожная пілігрымка для мяне адметная. Кожная мае свой плён. Таму ўсе апошнія гады ў ліпені я і далучаюся да тых, хто ў ёй бярэ удзел.

Заканчэнне пілігрымкі адбудзецца ў Полацку ля Сафійскага Сабора ў суботу 14 ліпеня каля 17-й гадзіны. На наступны дзень пілігрымы будуць удзельнічаць ва ўрачыстым Багаслужэнні ў парафіяльнай царкве сьв. Параскевы Полацкай, якая нядаўна збудавана грэка-католікамі ў Полацку.

Аляксей Іваноў

12.07.2007

Запись опубликована в рубрике Архив статей. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *