У Полацку спявалi «Магутны Божа»
.......
Каталікi аб’ядналi святкаванне Дня Волі з Дабравешчаннем.
Святкаванне Дня Волі прайшло ў Полацку традыцыйна — у залі пад грэка-каталіцкай царквой. Парафіяне накрылі сталы з пачастункамі: пірагамі, печывам, цукеркамі і гарбатай. Гэтым разам арганізатары запрасілі на свята Льва Бялевіча, вязня сталінскага Гулагу, які прыйшоў са сваякамі. Сярод прысутных былі вядомыя полацкія літаратары — Змітрок Куніцкі, Алесь Аркуш, Вінцэсь Мудроў, Ірына Жарнасек, Уладзімер Ладзік, бард Зміцер Пугачэўскі і парафіяне Полацкай грэка-каталіцкай парафіі агулам каля 40 чалавек.
25 сакавіка каталіцкая царква святкавала Дабравешчанне — у гэты дзень Багародзіца даведалася, што яна народзіць Ісуса Хрыста — Збаўцу свету. Таму для беларусаў-каталікоў гэты дзень быў падвойным святам.
Спадар Леў Бялевіч распавёў пра сваю новую кнігу — кнігу ўспамінаў. У кнізе ён расказвае пра часы свайго дзяцінства, пра ўдзел у стварэнні Пастаўска-Глыбоцкага Саюза Беларускіх Патрыётаў у пасляваенныя гады (як іх за гэта рэпрасавалі), пра жыццё ў ссылцы. Там было многа беларусаў, у тых нечалавечых умовах дапамагалі вершы Ларысы Генюш, якая адбывала пакаранне ў суседнем канцлагеры.
Бялевіч асабліва падкрэсліў, як ім тады давала сілы вера ў Бога. У сённяшніх умовах беларускага адраджэння вялікае значэнне мае беларуская царква.
Паэты чыталі свае вершы, усе разам спявалі беларускія песні і гімны. Асабліва спадабалася ўдзельнікам песні ў выкананні барда Зміцера — «Пагоня» і «Разьвітанне з Радзімай».
Свята скончылася сумесным спевам беларускага гімна «Магутны Божа».
Аляксей Іваноў
29.03.2007
Запись опубликована в рубрике
Архив статей. Добавьте в закладки
постоянную ссылку.